«Калі б я быў мэрам». Таццяна марыць пра аднаўленне ратушы, музей савецкай гісторыі i графiцi

Вы памятаеце, што ў нас праходзіць конкурс «Калі б я быў мэрам»? Любы чытач можа даслаць на рэдакцыйную пошту свае ідэі па паляпшэнню горада і пазмагацца за галоўны прыз — 300 рублёў. Таццяна Ляховіч марыць вярнуць у Гродна ратушу, аднавіць Фару Вітаўта і навесці марафет.

Таццяна лічыць, што Гродна не хапае ратушы. Гэта адзін з найважнейшых будынкаў сярэднявечнага еўрапейскага горада. Ля Ратушы Стакгольма кожны год праходзяць цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі, у Берлінскай Ратушы размешчаны кабінет мэра Берліна, а ў Пражскай знаходзяцца знакамітыя куранты. У Беларусі адноўленыя ратушныя будынкі служаць візітоўкамі сваіх гарадоў.

Пасля атрымання горадам Магдэбургскага права ў 1496 годзе, у 1513 на гарадской плошчы Гродна пабудавалі ратушу з вежай, на якой знаходзіўся гадзіннік. А таксама з’явіліся гандлёвыя рады. У 1660-я гады будынак ратушы быў моцна пашкоджаны падчас нашэсця маскоўскага войска. У паўразбураным стане ратуша прастаяла амаль паўтара стагоддзя. Затым была перабудавана ў класічным стылі. Пасля Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе не вельмі пацярпелы будынак савецкая ўлада вырашыла знеслі.

Каралеўскі Гродна проста не павінен заставацца без ратушы! Таму б Таццяна адбудавала яе нанова на плошчы Савецкай (дзе яна раней і была) ў класічным стылі — якой яна была перад поўным знішчэннем.

У адбудаваным будынку можна было б, акрамя іншага, праводзіць дыскусіі па гістарычных, культурных тэмах з удзелам даследчыкаў, гісторыкаў, археолагаў, журналістаў, дзеячаў культуры і мастацтва. Уваход на мерапрыемства быў бы бясплатным.

Традыцыйна, раз у квартал тут праводзілася б сустрэча мэра (або памочніка мэра) горада з грамадзянамі для абмеркавання ўсіх праблем і патрэб горада — з пункту гледжання гараджан, канешне.

Таксама Таццяна бы перайменавала б і плошчу Савецкую, і вуліцу. Плошча стала б называцца Ратушная. Гэта лагічна! А вуліца — Віленская, як гэта было.

На плошчы больш не было б металічных канструкцый з кампазіцыяй з зялёна-чырвоных сцяжкоў. І справа не ў колерах — у тым, што ў прынцыпе гэтыя кампазіцыі выглядаюць непрыгожа.

На пешаходнай вуліцы для музыкаў і кавярняў, якія хацелі б граць ці уключаць музыку (чутную на самой вуліцы — у выпадку з кавярнямі), абавязковай умовай была б толькі такая музыка: беларускі фолк (для адчування гараджанамі, гасцямі гэтай гістарычнасці, нацыянальнай культуры) альбо ў стылі Bossa Nova — нейтральная, прыемная, расслабляльная.

Са шпіля Новага Замка абавязкова прыбралі б савецкую зорку. Не да месца яна, лічыць Таццяна.

Фото: Ольга Комягина, TUT.BY
Фото: Ольга Комягина, TUT.BY

Што тычыцца назваў вуліц, то ў горадзе не павінна быць савецкіх назоваў, а шыльды павінны быць на беларускай мове — як і назвы грамадскіх аб’ектаў у горадзе, любых формаў уласнасці.

А яшчэ Таццяна лічыць, што помнікі савецкім дзеячам — не для вуліц сучаснага Гродна. Яны былі б перанесены ўсе ў «музей савецкай гісторыі». Вось вам і новы музей у горадзе. А дзе менавіта — прапанавалі б вырашыць гараджанам. Затое на вуліцах трэба ўсталяваць бронзавыя помнікі Стэфану Баторыю, Кастусю Каліноўскаму і князю Вітаўту.

Таксама трэба адбудаваць зноўку Фару Вітаўта, лічыць Таццяна, — у тым выглядзе, у якім храм быў перад канчатковым разбурэннем у 1961 годзе. Таксама было бы добра зрабіць памятныя шыльды ў гонар дзеячоў БНР і адрасамі паўстанцаў з агульным апісаннем і выявай гістарычнага герба «Пагоня».

Фото: harodnia.com
Фото: harodnia.com

З гісторыяй горада разабраліся. Што тычыцца інфраструктуры, тут Таццяна бы зрабіла катэгарычную забарону на закупку ды выкарыстанне танных фарбаў, якія ўжываюцца падчас рамонтаў дамоў. А ў летні перыяд новы мэр забараніла б афарбоўваць лаўкі.

Таксама гораду не патрэбныя вялікія кветкавыя кампазцыі з назвамі райнаў ці ўстаноў або нейкія велізарныя літары ды стэлы з савецкай сімволікай. Выглядае такое неактуальна. Назвы раёнаў горада і мікрараёнаў трэба пазначаць акуратнымі стэндамі з падсветкай і карыснай інфармацыяй (напрыклад, нумары тэлефонаў: экстранай дапамогі; адміністрацыі паліклінік, школ, садкоў, якія знаходзяцца ў канкрэтным мікрараёне).

Фото: Игорь Ремзик
Фото: Игорь Ремзик

Таксама ў горадзе павінны праходзіць розныя кірмашы — напрыклад, на Дзень Святога Казіміра (Казюкі). Не павінна быць ніякіх забаронаў для масавых мерапрыемстваў: дзяржаўных, гарадскіх, рэлігійных, а таксама святаў, якія адзначаюць нацыянальныя меншасці (калі яны падалі заяўкі на адпаведныя мерапрыемствы).

Раз у месяц, падаўшы заяўку і аплаціўшы за месца, любыя людзі маглі б размясціцца ў адзін з выходных дзён (субота), напрыклад, на Ратушнай плошчы, і прадаць сабраныя са сваіх лецішч гародніну, бульбу; распрадаць вопратку, абутак, посуд.

Гарадская прастора таксама павінна ажываць пры дапамозе мастакоў. Таццяна прапанавала б графіцістам размалёўваць фасады дамоў, а камунальнікам было б распараджэнне не зафарбоўваць арыгінальныя ілюстрацыі ў дварах. Гэта значыць — свабода гарадской творчасці.

Для аднаўлення, рестаўрацыі гістарычных аб’ектаў, ўстаноўкі ці дэмантажу помнікаў выкарыстоўваўся б як гарадскі бюджэт, так і добраахвотныя ахвяраванні грамадзян і арганізацый.

Як вам такія ідэі?

Конкурс «Калі б я быў мэрам» працягваецца. Вы сапраўды ведаеце, дзе і чаго гораду не хапае, а што з яго лепш прыбраць? Прыдумайце план «кіраўніцтва горадам», апішыце ўсе свае ідэі і ініцыятывы. Можна памарыць ўволю (можаце нават марыць аб бюджэтных грошах на рэалізацыю сваіх фантастычных планаў!). І дасылайце свае ідэі нам. Пераможца конкурсу «Калі б я быў мэрам» атрымае ад рэдакцыі TUT.BY 300 рублёў

Дасылайце дакумент у фармаце doc або docx (ці ж відэаролік — як заўгодна) на электронны адрас: Kamiahina.olga@tutby.com з паметкай «Калі б я быў мэрам».

Падрабязныя правілы конкурсу глядзіце па спасылцы.

Читайте также

Использование материала в полном объеме запрещено без письменного разрешения редакции TUT.BY. За разрешением обращайтесь на nn@tutby.com

Оставьте комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *