«Гэтую хвалю ўжо немагчыма спыніць», — каардынатарка штабу Бабарыкі пра рамантыкаў і новых беларусаў

Каардынатарка ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава расказвае, чаму пасьля гэтых выбараў Беларусь ужо ніколі ня будзе такой, як была 26 гадоў пры Лукашэнку, чым рызыкуе кожны, хто ўвайшоў у ініцыятыўную групу, і што можна супрацьпаставіць рэпрэсіям.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Марыя Калесьнікава — адна з найбольш яскравых прадстаўніц выбарчага штабу зьняволенага прэтэндэнта на прэзыдэнта Віктара Бабарыкі. Музыка, сьпікерка TEDx, арганізатарка міжнародных праектаў, арт-дырэктарка менскай прасторы «ОК16». Выпускніца Беларускай акадэміі музыкі і Вышэйшай школы музыкі ў Штутгарце. Флейтыстка, выкладчыца, дырыжорка, стваральніца аўтарскага праекту «Урокі музыкі для дарослых».

Цалкам размову можна глядзець на відэа.

Прапануем фрагмэнты інтэрвію.

«Рамантык верыць, што можна што-небудзь зьмяніць. Віктар Дзьмітрыевіч і ўсе ў ягонай камандзе ў гэтым сэнсе — рамантыкі»

— Сьвятлана Алексіевіч у інтэрвію Свабодзе зь вялікай павагай выказалася пра Віктара Бабарыку. Яна назвала яго рамантыкам, а таксама чалавекам, які страціў найвялікшае каханьне і цяпер можа пайсьці на рызыкоўны крок. Ці вы згодныя з такой ацэнкай? Як шмат могуць зрабіць рамантыкі?

— Калі мы мяркуем, што рамантык — гэта той чалавек, які верыць, што можна што-небудзь зьмяніць, то безумоўна, і Віктар Дзьмітрыевіч, і ўсе ў ягонай камандзе — рамантыкі. Віктар Дзьмітрыевіч хутчэй за ўсё яшчэ і візіянэр, таму што ён заўсёды вельмі выразна пралічвае і ацэньвае ўсе рызыкі і магчымыя наступствы дзякуючы свайму багатаму досьведу топ-мэнэджэра. Ён сам неаднаразова казаў пра гэта ў сваіх інтэрвію, і для яго гэтае рашэньне было вельмі ўсьвядомленым. У нейкі момант як чалавек, які вызнае пэўныя каштоўнасьці, ён зразумеў, што калі ён ня возьме на сябе адказнасьць і ня будзе мяняць тую сытуацыю, якая ёсьць, то дзеля чаго тады жыць?

Як можна ўзровень свайго камфорту паставіць на адну прыступку з тым, што калі мы гэта ня зьменім, то гэта ня зьменіцца ніколі ў нашай краіне? І я думаю, што многія з тых, хто нас цяпер падтрымлівае, менавіта з такім пасылам і прыйшлі. У тым ліку і я — як музыка і як чалавек, які робіць вялікую колькасьць праектаў, якія падсьвечваюць нейкія недахопы ў грамадзтве, у рэальнасьці або ва ўладзе.

Грош цана будзе маёй творчасьці, калі я скажу: «Ах, ну ўсё, у вас тут заварушка, паеду я да сябе ў Штутгарт, буду піць шампанскае на бальконе і глядзець на ружы!» То бок няма сэнсу займацца творчасьцю, якой я ўсё жыцьцё гавару аб свабодзе, аб тым, як складана з цэнзурай, калі ў той момант, калі я магу дапамагчы і нешта зьмяніць, я самаўхілюся.

І я амаль упэўненая, што ў многіх маіх калег абсалютна такая самая матывацыя: «Калі мы можам дапамагчы, мы павінны гэта зрабіць, нягледзячы на ўзровень камфорту, страту ўзроўню камфорту або страту нейкіх маленькіх жыцьцёвых радасьцяў».

«Паняцьця „чалавек па-за палітыкай“ у Эўропе проста не існуе»

— Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году Андрэй Саньнікаў назваў як самога Віктара Бабарыку, так і пераважную большасьць актывістаў ягонай ініцыятыўнай групы нэафітамі, людзьмі, якія доўгі час трымаліся ў баку ад палітыкі, але ў выніку нэафіты-бабарыкаўцы з аднаго боку і пратэстны электарат Ціханоўскіх — «гэтыя дзьве ўмоўныя часткі грамадзтва спалучыліся ў падтрымцы пераменаў», лічыць Саньнікаў. Ці вы згодныя з такім вызначэньнем былога палітвязьня?

— За той час, што я жыла ў Нямеччыне, я зразумела: паняцьця «чалавек па-за палітыкай» у Эўропе проста не існуе. Гэта значыць, там любы чалавек, які жыве ў дзяржаве, зьяўляецца часткай палітычнага працэсу. І ўсе грамадзяне маюць права ўплываць, выказваць сваю згоду ці нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне. І гэта абсалютная норма. Хутчэй, там выглядае дзіўным, калі ты кажаш: «Я па-за палітыкай». Я нават такіх людзей не сустракала.

Я лічу, што беларусы і іх самасьвядомасьць вельмі моцна зьмяніліся за апошнія 10 гадоў. Мы бачым гэта нават па сытуацыі з Covid-19, як людзі ўмеюць у вельмі кароткі тэрмін самаарганізавацца і дапамагаць адно аднаму. Або сытуацыя з вадой: як толькі пайшлі першыя навіны, што няма вады, дык адразу сотні людзей пачалі дапамагаць адно аднаму. І яны ж такім чынам замяняюць сваёй актыўнасьцю тое, што павінна рабіць дзяржава. Дзяржава павінна клапаціцца пра сваіх грамадзян. Цяпер гэтую ролю бяруць на сябе проста звычайныя грамадзяне — і гэта ўжо ёсьць пачатак палітыкі.

«Гэта 30-40-гадовыя людзі, вельмі актыўныя, якім ёсьць што страціць»

— Я чула пра вельмі добрую арганізацыю ў ініцыятыўнай групе на ўсіх этапах. Магчыма, вам будзе проста зрабіць сукупны партрэт актывістаў групы Бабарыкі паводле ўзросту, адукацыі, гендэру, месца жыхарства, прафэсій.

— Калі мы пачалі толькі адсочваць першыя некалькі соцень людзей, якія запісваліся ў ініцыятыўную групу, то мы пабачылі, што гэта 30-40-гадовыя людзі, вельмі актыўныя, якім умоўна ёсьць што страціць. Гэта паказьнік таго, што гэтыя людзі хочуць пераменаў, і яны дакладна ведаюць, што яны павінны для гэтага рабіць. На сёньня ў ініцыятыўнай групе ёсьць і студэнты, і пэнсіянэры. Ёсьць 86-гадовы сябра ініцыятыўнай групы, які зьбіраў подпісы.

Паводле гендэрнай прыкметы гэта прыкладна 50 на 50. У нас настолькі дэмакратычны дух у самой камандзе, што гэта не было ні для кога прадметам абмеркаваньня — больш або менш жанчын. Для мяне як для жанчыны гэта важна, я на гэта зьвяртаю ўвагу. Актыўных людзей рэальна шмат. Гэта дух свабоды і дэмакратыі, якія з намі апошнія 5-6 тыдняў. Гэта шчасьце.

— І адначасна ёсьць сотні затрыманых у краіне, ваш лідэр, кіраўнік ініцыятыўнай групы — за кратамі, а вы кажаце пра дух свабоды і дэмакратыі. Ня бачыце супярэчнасьці?

— Гэта ж нашы каштоўнасьці. Мы самі іх спавядаем — свабода і дэмакратыя. Для нас вельмі непрыемна, што цяпер адбываецца з такой колькасьцю людзей і іх сем’ямі. Ім вельмі цяжка. Мы хочам сказаць, што мы думаем пра іх і як можам падтрымліваем. Прыклад кансалідацыі — як толькі абвясьцілі збор сродкаў на тое, каб пагасіць штрафы, дык за некалькі гадзінаў іх сабралі. Гэта проста крута. Беларусы гатовыя дапамагаць адзін аднаму, яны гатовыя на гэта, нягледзячы на дзіўныя рашэньні ўладаў. Трэба кансалідавацца і мяняць сытуацыю.

«Чым больш будуць нас браць, тым больш нас будзе выходзіць на наступны дзень»

— Дзеяньні ўлады выглядаюць прадказальна — ціск, рэпрэсіі, арышты, дыскрэдытацыя, неўключэньне ў камісіі, фальсыфікацыі вынікаў, пратэсты, якія будуць душыць, ціск на незалежныя СМІ, уплывовых блогераў. Як ламаць сцэнар? Як знаходзіць альтэрнатыўныя шляхі мірнага пратэсту? Ці ёсьць плян або стратэгія?

— Мне наогул здаецца, што самаарганізацыя людзей, якія выйшлі ў той дзень, калі затрымалі Віктара і Эдуарда, у ланцуг надзеі, кажа пра тое, што ня трэба нічога прыдумляць. Самі людзі так ставяцца да таго, што адбываецца. Гэта немагчыма нават рэгуляваць.

Або сытуацыя з крамай Symbal.by. У першы дзень яны прыехалі з аўтазакамі і закідалі туды людзей, а на другі дзень выйшла ўдвая больш людзей. Зразумела, што гэтая сытуацыя цяпер, верагодна, будзе заўсёды — чым больш будуць нас браць, тым больш нас будзе выходзіць на наступны дзень. Таму што ніхто ня згодны мірыцца з тым, што адбываецца, і прымаць гэта як дадзенасьць.

Вядома ж, нічога не зьмянілася з боку ўладаў. Гэтаму можна супрацьстаяць толькі нейкімі законнымі мэтадамі, мы ў гэтым абсалютна ўпэўненыя. Таму што ўвесь досьвед папярэдняй чвэрці стагодзьдзя паказвае, што мы выходзім на плошчу, усіх бʼюць — і ў аўтазакі. І нічога больш не адбываецца. Ну, уводзяць, напэўна, нейкія санкцыі, але нічога больш не зьмяняецца ў краіне.

Цяпер, праз тое, што гэты пратэст і нязгода адбываецца зьнізу, ёсьць шанец паказаць уладзе, што ўжо трэба з намі лічыцца і павінны быць забясьпечаныя сумленныя выбары, сумленны падлік галасоў, допуск усіх альтэрнатыўных кандыдатаў да гэтага. Іх галасы таксама павінны быць палічаныя, і кожны з нас павінен быць упэўнены, што выбары сумленныя. У адваротным выпадку ўлада сама ўбачыць рэакцыю людзей, зь якой нават нічога ня трэба будзе рабіць.

«Гэтую хвалю ўжо немагчыма спыніць»

— Марыя, вы вучыліся за мяжой, пасьпяхова пабудавалі сваё жыцьцё і вырашылі вярнуцца і стаць часткай кампаніі вашага кандыдата, паспрабаваць наблізіць зьмены ўласнымі дзеяньнямі. Цяпер за мяжой штодня адбываюцца акцыі салідарнасьці са зьняволенымі ў Беларусі, з патрабаваньнем пераменаў. Ці ў выпадку паразы ізноў вялікая частка людзей пакіне Беларусь?

— Працэсы, якія цяпер пачаліся, ішлі зьнізу. Усё гэта — ініцыятыва людзей. Як і Віктар Дзьмітрыевіч, які ў пэўны момант сказаў, што можа дзякуючы ўласнаму досьведу і кампэтэнцыям узначаліць гэты рух людзей — пратэсту, салідарнасьці, чаго заўгодна. Мне падаецца, што гэтага немагчыма не пачуць. Сытуацыя дакладна зьменіцца, яна ня будзе такой, якой была апошнія 26 гадоў. Гэта проста відавочна, таму што 435 тысяч людзей плюс іншыя альтэрнатыўныя кандыдаты, за якіх сабрана таксама шмат галасоў. Гэта амаль мільён людзей, якія актыўна кажуць: «Мы хочам альтэрнатывы».

Мне падаецца, што гэтую хвалю ўжо немагчыма спыніць. 9 жніўня, 10 жніўня, 20 жніўня — няважна якога жніўня, але працэс пачаўся, яго нельга ніяк заціснуць. Ён пачаўся не з маленькай арганізацыі, апазыцыянэраў, людзей, якія думаюць інакш, ён пачаўся зьнізу. І гэта галоўная розьніца з тым, што адбывалася апошнія 26 гадоў. Зьмены ўжо пачаліся. Гэта проста пытаньне часу.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад’явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Источник

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Пролистать наверх