Тысячы подпісаў за Бабарыку і Цапкалу прызналі несапраўднымі. Абнаўляецца

29 чэрвеня праходзяць паседжаньні у тэрытарыяльных камісіях па выбарах прэзыдэнта Беларусі. Свабода сочыць за разьвіцьцём сытуацыі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Раённая камісія Гомля: 4870 подпісаў за Бабарыку і 1956 за Цапкалу прызналі несапраўднымі

На паседжаньні Савецкай раённай камісіі Гомля прысутнічаў доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Леанід Судаленка. Камісія знайшла высокі адсотак несапраўдных подпісаў за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. У выніку ўсе здадзеныя подпісы — а гэта 4870 за Бабарыку і 1956 за Цапкалу прызналі несапраўднымі.

Леанід Судаленка расказаў Свабодзе, што самы вялікі працэнт несапраўдных подпісаў па выніку асноўнай і дадатковай праверкі выяўлены ў Віктара Бабарыкі — 23,28%. Спачатку тэрытарыяльная камісія правярала 15% подпісаў. Калі знаходзіла там неадпаведнасьці, на праверку бралі іншыя подпісы.

У выніку камісія прыняла рашэньне не залічваць Віктару Бабарыку ўсе здадзеныя 4870 подпісаў. У Валера Цапкалы па выніку дзьвюх праверак несапраўднымі прызналі 16,53%. За гэта камісія не залічыла ўсе 1956 подпісаў, якія здалі сябры яго ініцыятыўнай групы.

«Чыстымі» аказаліся ўсе 45 подпісаў, якія здалі ў камісію сябры ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай. Былі прызнаныя несапраўднымі некаторыя подпісы за Аляксандра Лукашэнку, Сяргея Чэрачня, але адсотак несапраўдных подпісаў за іх — каля 4-5% — дазволіў камісіі не праводзіць дадатковай праверкі, і здадзеныя подпісы за іх прызналі сапраўднымі. Толькі ў дачыненьні подпісаў за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу праводзіліся дадатковыя праверкі», — зазначыў Леанід Судаленка.

Савецкі раён Гомля зьяўляецца адным з самых буйных, тут пражывае 180 тысяч чалавек.

На праверку ў Савецкім раёне Гомля здалі подпісы за Аляксандра Лукашэнку — 29 496, Віктара Бабарыку — 4 870 подпісаў, Валера Цапкалу — 1 956 подпісаў, Сьвятлану Ціханоўскую — 1 261 подпіс, Сяргея Чэрачня — 1 203 подпісы, Андрэя Дзьмітрыева — 879 подпісаў, Ганну Канапацкую — 45 подпісаў.

Паседжаньні для прызнаньня подпісаў адбываюцца і ў іншых тэрытарыяльных камісіях.

У Кастрычніцкім раёне Віцебску не прызналі подпісы за Цапкалу

Камісія прызнала несапраўдным 1221 подпіс за Валера Цапкалу, бо «пры праверцы было выяўлена 15,45% несапраўдных подпісаў».

Назіральнік Леанід Сьвецік паведаміў, што ў Кастрычніцкім раёне Віцебску выбарчая камісія прызнала несапраўдным 1221 подпіс, сабраны за Валера Цапкалу.

Подпісы за іншых кандыдатаў прызналі сапраўднымі, а гэта:

  • Віктар Бабарыка — 4320 подпісаў, несапраўдных — 0,52%
  • Андрэй Дзьмітрыеў — 519 подпісаў, несапраўдных — 0,87%
  • Ганна Канапацкая — 1431 подпіс, несапраўдных — 1,26%
  • Аляксандар Лукашэнка — 10 607 подпісаў, несапраўдных — 0,03%
  • Сьвятлана Ціханоўская — 1669 подпісаў, несапраўдных — 0,54%
  • Сяргей Чэрачань — 901 подпіс, несапраўдных — 5,97%

У Сьветлагорску прызналі несапраўднымі ўсе подпісы за Цапкалу​

Подпісы за іншых кандыдатаў прызналі сапраўднымі.

Паседжаньне выбарчай камісіі ў Сьветлагорску пераносілася некалькі разоў. У выніку, подпісы за Валера Цапкалу прызналі несапраўднымі. Пра гэта Свабодзе распавяла назіральніца Алена Масьлюкова. Агулам камісія правярала 550 подпісаў, зь іх 18,73% выявіліся несапраўднымі.

«Агулам ад Валерыя Цапкалы ў камісію падалі 1577 подпісаў, усе прызналі несапраўднымі. Я добра знаёмая з людзьмі, якія зьбіралі гэтыя подпісы. Я напісала заяву, каб мяне дапусьцілі да працэдуры праверкі подпісаў, мне ў гэтым адмовілі», – расказала Масьлюкова.

Подпісы былі сабраныя ў Сьветлагорску і Сьветлагорскім раёне.

Подпісы іншых кандыдатаў прайшлі парверку і былі прызнаныя, але ў кожнага кандыдата выявілі працэнт браку.

  • У Віктара Бабарыкі – 2,3%
  • У Андрэя Дзьмітрыева – 4,7%
  • У Ганны Канапацкай – 6,94%
  • У Сяргея Чэрачня – сапраўдныя ўсе
  • У Аляксандра Лукашэнкі – 3,31%
  • У Сьвятланы Ціханоўскай – 11,05%

У Мазыры забракавалі ўсе подпісы за Канапацкую

На паседжаньні Мазырскай раённай выбарчай камісіі прынялі подпісы амаль за ўсіх прэтэндэнтаў — акрамя Ганны Канапацкай. Больш за ўсё подпісаў падала ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі, у яго падтрымку залічылі амаль 27,5 тысяч подпісаў, паведаміў назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Целяпун.

  • Аляксандар Лукашэнка — 27 500
  • Сяргей Чэрачань — 4 400
  • Андрэй Дзьмітрыеў — 4 000
  • Віктар Бабарыка — 2780 (падалі 2842)
  • Сьвятлана Ціханоўская — 2120 (падалі 2235)
  • Валер Цапкала — 590 (падалі 610)

За Ганну Канапацкую ў камісію падалі 29 подпісаў. Празь некалькі несапраўдных подпісаў улічваць адмовіліся ўсе 29.

Уладзімер Целяпун зьдзівіўся такой колькасьці подпісаў за Чэрачня і Дзьмітрыева:

«Гэта нейкі абсурд. Дзьмітрыеў прыяжджаў аднойчы ў горад на пікет, але амаль ніхто не падпісваўся. За Чэрачня ўвогуле не было пікетаў. У камісіі паведамілі, што гэтыя падпісныя лісты аднекуль даслалі. Магчыма, зь Менску?»

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Источник

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Пролистать наверх