Асноўны супернік за кратамі, 700 затрыманых і мэм «Саша 3%». Выбары-2020 у лічбах і фактах

Выбарчая кампанія — 2020 б’е ўсе рэкорды і па колькасьці прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва, і па колькасьці арыштаваных, затрыманых, аштрафаваных, і па колькасьці мэмаў. Свабода сабрала найбольш яскравыя факты і лічбы пра прэзыдэнцкія выбары.

Сьцісла

  • Гэта шостыя прэзыдэнцкія выбары ў сувэрэннай Беларусі. Аляксандар Лукашэнка бязьзьменна кіруе краінай 26 гадоў.
  • Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызнаныя свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Найбольш моцны прэтэндэнт, экс-банкір Віктар Бабарыка, — за кратамі. Другі моцны прэтэндэнт, Валер Цапкала, у мэтах бясьпекі пакінуў краіну.
  • Васьмярых аўтараў Youtube- і Telegram-каналаў арыштавалі — іх падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і ўтрымліваюць на «Валадарцы».
  • Усяго на рэгістрацыю ў ЦВК падалі 55 ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў, зарэгістравалі 15.
  • Зарэгістравана 5 кандыдатаў у прэзыдэнты.
  • Усяго за 2 месяцы ў краіне было затрымана каля 700 чалавек, зь іх 50 журналістаў. Больш за 150 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, каля 300 аштрафавалі.
  • Зьявіліся тэматычныя мэмы: канфіскаваныя цішоткі «ПСІХОЗ%», «Саша 3%», арыштаваная «Ева» Хаіма Суціна

ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55

8 траўня Палата прадстаўнікоў абвясьціла дату правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў — 9 жніўня 2020 году.

Напачатку аб прэзыдэнцкіх амбіцыях заявілі некалькі дзясяткаў чалавек. Дакумэнты ў ЦВК на рэгістрацыю падалі 55 ініцыятыўных груп. Сярод іх — ініцыятыўныя групы экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, экс-дырэктара Парку высокіх тэхналёгій і дыплямата Валера Цапкалы, папулярнага аўтара YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага.

Зарэгістравалі толькі 15 ініцыятыўных груп, у тым ліку і Віктара Бабарыкі, і Валера Цапкалы.

А вось Сяргею Ціханоўскаму ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады пра рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы нечакана заявіла жонка папулярнага блогера Сьвятлана Ціханоўская.

29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек.

11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку», якім 20 год кіраваў Віктар Бабарыка, і ў шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка.

18 чэрвеня затрымалі самога Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыкі. Дзяржаўныя тэлеканалы «Беларусь-1» і АНТ пастаянна паказваюць свае расьсьледаваньні, якія грунтуюцца нібыта на матэрыялах сьледзтва.

Кандыдатамі ў прэзыдэнты сталі пяцёра. Бабарыку і Цапкалу не зарэгістравалі

Некалькі прэтэндэнтаў самі зьняліся раней (Алег Гайдукевіч, Натальля Кісель, Аляксандар Таболіч), некаторыя не зьбіралі подпісы, а выкарыстоўвалі толькі магчымасьць праводзіць пікеты (Мікалай Казлоў, Вольга Кавалькова, Юрась Губарэвіч).

14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня.

Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.

Валер Цапкала нібыта не сабраў неабходнай колькасьці подпісаў: са 165 тысяч здадзеных прызнана сапраўднымі толькі 78 228.

Што да Віктара Бабарыкі, то падчас рэгістрацыі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына расказала, што нібыта ў ЦВК паступіў ліст з Камітэту дзяржаўнага кантролю, у якім адзначана, што ў дэклярацыі не адлюстраваныя сродкі, атрыманыя Бабарыкам ад падкантрольных яму камэрцыйных структур. Фактычна была створаная злачынная арганізаваная група па адмываньні сродкаў. Ярмошына расказала і пра нібыта замежную дапамогу ад банкаўскіх структур і замежных грамадзян. Урэшце ўсе сябры камісіі аднагалосна пастанавілі не рэгістраваць Віктара Бабарыку.

Адным прэтэндэнтам рэкордную колькасьць подпісаў «забракавалі», другім — «дадалі»

Ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі сабрала рэкордную колькасьць подпісаў — каля 460 тысяч, падала на праверку 367 тысяч. Аднак сапраўднымі прызнаныя толькі 165 744 подпісы.

Да прыкладу, забракавалі ўсе амаль 20 тысяч подпісаў, сабраных за Бабарыку ў Фрунзенскім раёне сталіцы.

За Валера Цапкалу было здадзена 158 682 подпісы, сапраўднымі прызналі 75 249. Потым спадар Цапкала дамогся прызнаньня сапраўднымі яшчэ 2 тысяч подпісаў, але гэта яму не дапамагло.

А вось Ганьне Канапацкай і Сяргею Чэрачню ЦВК зацьвердзіў больш подпісаў, чым казалі самі прэтэндэнты.

За Сяргея Чэрачня сапраўднымі прызналі 143 109 подпісаў. Хоць прэс-сакратар ягонага штабу Алег Чумакоў казаў, што яны здалі каля 106 тысяч.

Рэкорд па зборы подпісаў — у Аляксандра Лукашэнкі: 1 939 572. Літаральна на трэці дзень пасьля пачатку збору подпісаў кіраўнік выбарчага штабу Лукашэнкі Міхаіл Орда адрапартаваў, што сабрана 200 тысяч (гэта пры тым, што пікетаў па зборы подпісаў не было, а два з трох дзён былі выходныя).

Больш за 700 затрыманых. Журналісту зламалі нос

Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: гэта ўдзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы.

Каля 150 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, каля 300 аштрафавалі.

У Горадні 29 траўня на пікеце па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую затрымалі блогера, кіраўніка яе ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Пазьней Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што даў каманду затрымаць блогера.

Спачатку Ціханоўскаму прызначылі некалькі адміністрацыйных арыштаў за правядзеньне несанкцыянаваных мітынгаў. Пазьней супраць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў завялі крымінальныя справы.

Адразу васьмярых аўтараў Youtube- і Telegram-каналаў падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, іх цяпер утрымліваюць у СІЗА № 1 у Менску.

Масавыя затрыманьні адбыліся ў сталіцы і іншых гарадах краіны 18 і 19 чэрвеня пасьля арышту Віктара Бабарыкі. 18 чэрвеня людзі выйшлі на праспэкт Незалежнасьці і сталі ў ланцуг. Было затрымана каля 300 чалавек.

19 чэрвеня быў апошні дзень збору подпісаў. Улады не далі магчымасьці людзям зноў стаць у ланцуг, АМАП перагарадзіў праспэкт.

Затрымалі журналістаў, якія вялі стрымы і здымалі пікет. Сярод іх і «свабодаўцы» Аляксандра Дынько і Андрэй Рабчык.

Затрыманьні адбыліся па ўсёй краіне, бо людзі выйшлі і ў рэгіёнах. Асабліва жорстка абышліся з журналістамі ў Ганцавічах.

14 ліпеня ў Менску людзі выйшлі на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты. Зноў былі масавыя затрыманьні.

Каля 30 чалавек затрымалі і 15 ліпеня, калі людзі сталі ў чаргу ў ЦВК, каб асабіста падаць скаргі.

Пасьля стрыму жорстка затрымалі і журналіста Свабоды Антона Трафімовіча, АМАПаўцы зламалі яму нос.

21 ліпеня 213 журналістаў падпісалі рэзкі зварот да ўладаў «Вы ўчыняеце злачынства».

28 ліпеня каля будынку КДБ затрымалі 50 чалавек, якія прыйшлі падаць хадайніцтва аб зьмене мер стрыманьня для палітвяьзняў Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Сярод затрыманых быў і дзясятак журналістаў, якія прыйшлі асьвятліць гэта.

Усяго за два месяцы выбарчай кампаніі пацярпелі каля 50 журналістаў. Некаторыя абмежаваліся паездкай у РУУС, іншым давялося адседзець 10 сутак, кагосьці аштрафавалі.

Мэмы кампаніі: ПСЫХОЗ%, «Саша 3%» і арыштаваная «Ева»

12 чэрвеня затрымалі кур’ера крамы symbal.by, у яго забралі 419 цішотак з надпісам ПСЫХОЗ%.

Надпіс ПСІХОЗ% на майцы symbal.by зьвязаны зь лічбай 3%. Столькі ў розных інтэрнэт-апытаньнях атрымліваў Аляксандар Лукашэнка, лічба зрабілася папулярным інтэрнэт-мэмам.

Таму сродкам масавай інфармацыі забаранілі праводзіць апытанкі — маўляў, рэйтынгі могуць лічыць толькі акрэдытаваныя Акадэміяй навук сацыялягічныя ўстановы.

Пасьля канфіскацыі цішотак з надпісам «ПСІХО3%» у краму Symbal.by прыйшлі з праверкай. Крама вымушаная была зачыніцца. Перад закрыцьцём некалькі дзён у краму стаялі вялізныя чэргі, людзей зь якіх таксама жорстка затрымлівалі Некаторыя вядомыя акторы, шоўмэны, тэлевядоўцы напісалі абураныя пасты ў сацсетках і страцілі працу на дзяржаўных тэлеканалах (Меліціна Станюта, Дзяніс Дудзінскі, Дзьмітры Ўрангель, Дзьмітры Кахно).

Арыштавалі карпаратыўную калекцыю твораў мастацтва «Белгазпрамбанку». А самая дарагая карціна калекцыі — твор выбітнага мастака «Парыскай школы», ураджэнца Беларусі Хаіма Суціна «Ева», набытая «Белгазпрамбанкам» за 1,8 мільёна даляраў і прывезеная ў Беларусь, таксама стала «мэмам».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Источник

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Пролистать наверх