Кандыдатаў у прэзыдэнты выклікалі ў ЦВК. УЖЫВУЮ

Кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі выклікалі раніцай 30 ліпеня ў Цэнтральную выбарчую камісію, паведаміў днём раней Сяргей Чэрачань. Прычыны не назвалі. Іншыя кандыдаты пацьвердзілі, што атрымалі запрашэньне каля 19 вечара па тэлефоне. Свабода вядзе жывую трансьляцыю з-пад ЦВК.

Сяргей Чэрачань прыйшоў у ЦВК спартовым касьцюме: маўляў, актуальнае адзеньне для кандыдата ў прэзыдэнты, у машыне ляжаць іншыя рэчы на выпадак затрыманьня.

«Альбо кагосьці будуць здымаць, або абмяжоўваць мерапрыемствы па агітацыі, альбо затрымліваць», — сказаў ён пра тое, чаго чакае ад паседжаньня. «Інсайдэрскай інфармацыі ў яго няма.

Ён дапускае, што нібыта затрыманых учора расейскіх баевікоў могуць «на кагосьці з нас павесіць». Сытуацыю з расейскімі баевікамі ён называе «кур’ёзнай».

Сьвятлана Ціханоўская прыйшла ў ЦВК з паплечніцамі: Марыяй Калесьнікавай са штабу Віктара Бабарыкі і Веранікай Цапкалай. Чаго чакаць ад ЦВК, яна ня ведала — прапанавала дачакацца, што скажуць. Яна сказала, што правакацыяў не баіцца.

Андрэй Дзьмітрыеў пахваліў Чэрачня, які прыйшоў у спартовым касьцюме: «падрыхтаваўся лепш. Цяпер улады «закатываюць канцэрты», сказаў ён, а падзеі ўчорашняга дня назваў «выхадам з цыганачкай». На яго думку, улады зьбіраюцца «адсунуць выбары ад грамадзтва».

Ганна Канапацкая сказала, што ня ведае, чаго чакаць ад ЦВК, але хацела б, каб выконвалася заканадаўства. Яна дадала, што чула «столькі пагрозаў і патрабаваньняў зьняцца на карысьць адзінага кандыдата», што ўжо нічога не баіцца.

Прадстаўнікоў штабу Аляксандра Лукашэнкі пад галоўным уваходам у ЦВК ня бачылі.

У ЦВК прыйшоў таксама Андрэй Раўкоў — дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі і былы міністар абароны. Ён сказаў, што затрыманыя расейскія баевікі «даюць паказаньні».

На 30 ліпеня ў Менску заплянаваны вялікі мітынг-канцэрт за кандыдатку Сьвятлану Ціханоўскую — пачаць мяркуюць у 18.00.

Днём раней дзяржаўныя СМІ Беларусі заявілі аб затрыманьні пад Менскам трох дзясяткаў баевікоў расейскай ПВК «Вагнера», зьвесткі пра прыбыцьцё ў краіну дзьвюх сотняў баевікоў.

Пад ноч 29 ліпеня ў Парк дружбы народаў, дзе плянавалі мітынг Ціханоўскай, прывезьлі агароджу. Пра тое, што ўлады ўзмоцняць ахову перадвыбарчых мерапрыемстваў, заявіў сёньня дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Источник

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Пролистать наверх