Сястру Веранікі Цапкалы выкралі невядомыя, яе саму выклікаюць для дачы паказаньняў у МУС 

Вераніка Цапкала, жонка экс-прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзыдэнта Валера Цапкалы, расказала, што яе выклікаюць ва ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю у МУС для дачы паказаньняў супраць свайго мужа.

Падставай стала заява на Валера Цапкалу з боку турэцкага бізнэсоўца Сэдата Ігдэджы.

Як удакладніла Вераніка Цапкала, раніцай яе спыніла машына ДАІ, супрацоўнікі спрабавалі даставіць ва ўпраўленьне на вуліцы Розы Люксембург. Але адпусьцілі на той падставе, што як давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай яна была запрошаная ў Цэнтарвыбаркам.

Акрамя таго, як сказала Вераніка Цапкала, ейную сястру, якая працуе ў «Белгазпрамбанку», выкралі невядомыя людзі ў цывільным — затрымалі на паркоўцы і зьвезьлі ў невядомым кірунку. Сваякоў ніхто не праінфармаваў, пра гэта сказалі супрацоўнікі банку.

«Я гэта расцэньваю як палітычны ціск на мяне, майго мужа, а таксама на нашу выбарчую кампанію. Вось з такім беззаконьнем маем справу», — канстатавала Вераніка Цапкала.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Источник

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Пролистать наверх