Масква падштурхоўвае Лукашэнку да канстытуцыйнай рэформы і новых выбараў, — палітоляг Карбалевіч

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што галоўным пытаньнем парадку дня перамоваў у Сочы было вырашэньне беларускага палітычнага крызісу.

Сьцісла:

  • Лукашэнка паехаў да Пуціна ў сытуацыі палітычнай слабасьці.
  • Сытуацыя зьневажальная ня толькі асабіста для Лукашэнкі, але і для Беларусі ў цэлым. Яе лёс спрабуюць вырашыць у суседняй дзяржаве
  • Крэдыт у $1,5 млрд азначае, што Масква вяртаецца да палітыкі датацый свайму саюзьніку.
  • Падпісаньне нейкіх дакумэнтаў па інтэграцыі магло б стаць дадатковым алеем у агонь беларускіх пратэстаў.
  • Масква прымушае Лукашэнку да канстытуцыйнай рэформы і правядзеньня датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў.

Сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным папярэднічалі дзьве важныя падзеі, якія можна лічыць прэлюдыяй.

Перш за ўсё, беларускі лідэр даў вялікае інтэрвію расейскім дзяржаўным СМІ. Яго галоўны мэсыдж расейскай эліце даволі просты. У Беларусі няма рэвалюцыі або народнага пратэсту. Па вуліцах шпацыруе жменька адшчапенцаў, якія кіруюцца Захадам. А заходнія краіны імкнуцца ажыцьцявіць «каляровую рэвалюцыю» ў Беларусі выключна дзеля таго, каб падрыхтаваць пляцдарм для такой жа рэвалюцыі ў Расеі.

Таму, падтрымліваючы Лукашэнку, вы, расіяне, ратуеце сябе. У сувязі з гэтым ад мяне не павінны патрабаваць шмат саступак у абмен на дапамогу Расеі. Нэўтралізуючы беларускую рэвалюцыю, я ўжо аказваю вам велізарную паслугу.

Другая падзея. У суботу і нядзелю ў Беларусі прайшлі масавыя акцыі пратэсту. Нягледзячы на рэзкі разгон махавіка рэпрэсій (13 верасьня затрымалі 774 чалавек), маштаб пратэсту не спадае.

Вось з такім цяжкім палітычным багажом Лукашэнка паехаў да Пуціна. Палітычны банкрут, ня здольны даць рады пратэстам і наогул праблемам сваёй краіны, прыехаў прасіць дапамогі. Маўляў, дапамажы ўтрымаць уладу. Карацей, сучасны варыянт карціны «Вяртаньне блуднага сына».

Сытуацыя зьневажальная ня толькі асабіста для Лукашэнкі, які вымушаны ўпрошваць свайго заклятага суперніка. Яна зьневажальная для Беларусі ў цэлым. Яе лёс спрабуюць вырашыць у суседняй дзяржаве. Нешчасьлівы канец казкі пра Лукашэнку як абаронцу беларускага сувэрэнітэту.

Але глядзіце, якая дзіўная лёгіка. Лукашэнка гатовы весьці перамовы, торг, дыялёг пра будучы лёс Беларусі з кіраўніком суседняй дзяржавы, але не з уласным народам. Ён ня можа прынізіцца да дыялёгу зь беларусамі. Весьці дыскусію з падданымі — гэта ганьба, а вось прасіць дапамогі ў суседняга сувэрэна — цалкам прымальна. Гэта лёгіка сярэднявечнага манарха.

Цяпер пра зьмест перамоваў і пра іх вынікі. Лідэры прыехалі ў Сочы з розным парадкам дня. Лукашэнка хацеў бы атрымаць ад Расеі дапамогу: палітычную, дыпляматычную, інфармацыйную, а перадусім — фінансавую.

Пуцін заявіў, што Расея плянуе даць Беларусі крэдыт у $1,5 млрд. З ранейшай інфармацыі ад расейскіх урадоўцаў вынікае, што гаворка ідзе пра реструктурызацыю доўгу. Такім чынам, беларуская рэвалюцыя прымусіла Маскву вярнуцца да палітыкі датацый свайму саюзьніку.

Думаю, тэма «паглыбленьня інтэграцыі» абмяркоўвалася. Верагодна, Лукашэнка даў чарговыя цьвёрдыя абяцаньні. Але ня больш за тое.

Бо менавіта цяпер раптоўна падпісваць нейкія дакумэнты, напрыклад, тыя самыя «дарожныя карты», зусім не да часу. Гэта магло б стаць дадатковым алеем у агонь беларускіх пратэстаў. Дый беларуская намэнклятура сустрэла б гэта неадназначна. Тыя часы, калі Лукашэнка мог прымаць любыя аднаасобныя рашэньні, ні на кога не зважаючы, прайшлі.

Мяркую, што галоўным пытаньнем парадку дня перамоваў у Сочы было вырашэньне беларускага палітычнага крызісу. Пуцін цалкам падтрымаў Лукашэнку ў яго змаганьні зь беларускім народам. Бо перамога «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі — страшны сон Крамля. Гэта стала б дрэнным прыкладам для Расеі.

Аднак Масква лічыць, што вырашаць беларускі палітычны крызіс толькі з дапамогай сілы было б няправільна. Маўляў, акрамя бізуна, грамадзтву трэба прапанаваць і пернік, паказаць моркаўку. І Ўладзімір Пуцін, і кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў раней публічна заяўлялі, што ў Беларусі неабходная канстытуцыйная рэформа, а затым — датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Гэты ход і павінен, паводле сцэнару Крамля, выканаць функцыю такой моркаўкі, якая б задаволіла беларускае грамадзтва. Магчыма, што менавіта на такіх умовах Пуцін падтрымаў Лукашэнку.

У інтэрвію расейскім мэдыя мінулым тыднем Лукашэнка казаў пра тэрміны прыняцьця новай Канстытуцыі і датэрміновых выбараў вельмі няпэўна. Маўляў, можа быць.

Вось і падчас сустрэчы ў Сочы пра канстытуцыйную рэформу ў Беларусі гаварыў чамусьці Пуцін, а не Лукашэнка. Гледзячы па ўсім, менавіта Масква цісьне на Менск, падштурхоўваючы да гэтага кроку. Лукашэнка нібыта і пагаджаецца, але неахвотна.

Здаецца, вакол гэтай канстытуцыйнай рэформы і будуць разгарацца палітычныя жарсьці бліжэйшым часам.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Источник

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Пролистать наверх