«Маршы справядлівасьці» ў Беларусі. Што адбываецца на 43-і дзень пратэстаў

Менск: праспэкт ля Палаца Незалежнасьці перакрыты сілавікамі

Праспэкт Пераможцаў каля Палаца Незалежнасьці перагароджаны сыстэмай Рубеж і сілавікамі. Гэтаксама, як у папярэднія нядзелі. Галава калёны яшчэ да гэтага месца на праспэкце не дайшла.


Перад палацам Незалежнасьці калёна Маршу павярнула на вуліцу Ігнаценкі.

З вуліцы Ігнаценкі Марш павярнуў на Ціміразева ў бок цэнтру, бо рух па Ціміразева ў бок Менск-Арэны перакрыты сілавікамі.

Гомель: амапаўцы заблякавалі пратэстоўцаў з абодвух бакоў

Марш у Гомлі працягваецца на адрэзку ад скверу Грамыкі да плошчы Паўстаньня. З абодвух бакоў стаіць ачапленьне АМАПу, людзі ходзяць туды-сюды.

Частка людзей стаіць на ганку мясцовага цырку. Людзі скандуюць амапаўцам: «Касманаўтаў – у космас!»




Менск: калёна рушыла ў бок рэзыдэнцыі Лукашэнкі

Асноўная калёна рушыла ў бок Палаца Незалежнасьці. Пратэстоўцы нясуць вялізны бел-чырвона-белы сьцяг.

Праспэктм Машэрава, заняўшы ўвесь праспэкт, да стэлы рухаецца шматтысячная калёна пратэстоўцаў. Колькасьцю ўдзельнікаў марш ужо нагадвае папярэднія шэсьці.

Адметнасьць гэтага маршу — вялікая колькасьць новаствораных сьцягоў раёнаў. Лошыца, Маліноўка, Аўтазавод і іншыя — так людзі пазначаюць сябе ў калёне.

Ціханоўская зьвярнулася да тых, хто не адважыўся выйсьці на вуліцы

Экс-кандыдатка на прэзыдэнта падтрымала пратэстоўцаў і тых, хто ня змог выйсьці на вуліцу.

«Зараз тысячы чалавек выйшлі сьмела адстойваць сваю волю на вуліцы сваіх гарадоў. Я ж хачу зьвярнуцца да тых, хто не адважыўся гэта зрабіць. Я разумею гэта. І я веру ў кожнага беларуса і падтрымліваю ўсіх вас. Калі вы ня можаце ісьці на вуліцы — вы ўсё роўна можаце быць карысныя. Вы можаце прыдумляць ідэі для плякатаў, шыць сьцягі, дапамагаць вызваляць блізкіх, падтрымліваць інфармацыйна», — перадае словы Ціханоўскай яе тэлеграм-канал Пул Першай.

Менск: пратэстоўцы зьбіраюцца на скрыжаваньні ля Стэлы

У Менску пратэстоўцы зьбіраюцца на скрыжаваньні каля Стэлы. Значная частка ўдзельнікаў маршу пайшла ў бок Палаца Незалежнасьці.

У Магілёве затрымалі журналістаў «Белсату»

У Магілёве затрымалі дваіх журналістаў тэлеканалу «Белсат» – Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага. Яны ў Ленінскім аддзеле міліцыі.

Тым часам колькасьць удзельнікаў Маршу справядлівасьці вырасла да 1 тысячы.

Менск: калёна з 32 аўтазакаў і бусаў рухаецца па Нямізе

Калёна з 32 аўтазакаў і мікрааўтобусаў, якая знаходзілася на праспэкце Пераможцаў каля Палаца Спорту, ад’ехала і рухаецца цяпер па Нямізе. Затрыманьняў няма.

У гэтых аўтазакаў журналісты бачылі затрыманых раней людзей.

«Марш справядлівасьці» ў Магілёве

У Магілёве блізу 100 чалавек выйшлі на плошчу перад гандлёвым цэнтрам «Стрыюм» на «Марш справядлівасьці». Прыхільнікі пераменаў стаяць у шчэпцы.


Іх папярэдзілі, што іхнае мерапрыемства несанкцыянаванае. Патрабуюць разысьціся. Людзі ігнаруюць патрабаваньне. Выгукваюць «не забудзем не даруем», «мы гуляем». Сьпяваюць разам беларускія песьні. Некаторыя прыйшлі з нацыянальнай атрыбутыкай. Пляцоўка ачэпленая міліцыяй.


Незадоўга да таго, як людзі пачалі зьбірацца, міліцыянты прыбралі прыпынак. У цэнтры шмат міліцыі. Пратэстоўы пайшлі калёнай па вуліцы Першамайскай. У шэсьці ўжо блізу 300 чалавек. Спробаў разагнаць міліцыя ня робіць.


Менск. Сілавікі выціскаюць людзей, калёна сабралася на пр. Пераможцаў

Сілавікі разганяюць людзей, якія сабраліся каля ГЦ «На Нямізе». Перасьледуюць людзей на мосьце цераз Нямігу, паміж двума гандлёвымі цэнтрамі і на верхняй пляцоўцы ГЦ «На Нямізе». Ёсьць затрыманыя

Да KFC на Нямізе пад’ехала чарговая вялікая група сілавікоў. Некалькі дзясяткаў выйшлі з аўтобусаў. Падыходзяць нават да тых, хто сядзіць на лавах. Людзі ад іх сыходзяць ці ўцякаюць. Затрыманьняў пакуль няма.

Вялікая калёна ўдзельнікаў Маршу сабралася на праспекце Пераможцаў пад будынкамі з надпісам «Менск — горад герой».

Горадня. Пачаліся затрыманьні

Схапілі некалькі дзясяткаў чалавек. У тым ліку цяжарную жанчыну на позьнім тэрміне. Адзін мужчына, якога спачатку схапілі і панесьлі, ляжыць непрытомны на траве каля месца пратэстаў. Калёна амапаўцаў пайшла адціскаць пратэстоўцаў зь Вялікай Траецкай вуліцы.

Празь нейкі час цяжарную жанчыну Вераніку адпусьцілі. Яна на 30-ым тыдні цяжарнасьці.

Мужчыну, у якога падчас затрыманьня здарыўся гіпэртанічны крыз, забрала «хуткая».

Горадня. Шэсьце ідзе па горадзе

Горадня. Пратэстоўцы выйшлі на праезную частку Вялікай Траецкай вуліцы і перакрылі яе для руху.

Скандуюць «На базар», «Верым, можам, пераможам», «Горадня, выходзь», «Гэта наш горад». У пачатку Савецкай вуліцы ім перакрыў дарогу АМАП у шлемах.

Менск. АМАП не дае сабрацца людзям на праспэкце Пераможцаў

На праспэкце Пераможцаў групы АМАП пераходзяць зь месца да месца. Як толькі недзе зьбіраецца прыкметная група, туды пад’яжджаюць сілавікі і пачынаецца разгон. На Нямізе людзі схаваліся ў KFC, амапаўцы спрабавалі туды трапіць, але дзьверы замкнулі. Амапаўцы проста сышлі. Тое самае адбываецца каля ГЦ «Галерэя».

У Гомлі пачаліся затрыманьні

У Гомлі на Савецкай пачаліся затрыманьні ўдзельнікаў акцыі. Да груп людзей падяжджаюць «сінія бусы» з супрацоўнікамі АМАП і затрымліваюць людзей.

Менск. Сілавікі не даюць сабрацца людзям на Нямізе

На Нямізе ўжо сотні чалавек. Людзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, шмат сьцягоў раёнаў. З боку плошчы Свабоды ідуць групы людзей у бок Нямігі. Да KFC пад’ехалі аўтазакі і бусы. Выбеглі сілавікі, разагналі ўсіх, хто там сабраўся. Некалькі затрыманых.

Да «Галерэі» насупраць Палацу спорту пад’ехала калёна аўтазакаў, бусаў. Выйшлі людзі ў чорнай форме і накіраваліся да невялікай групы пратэстоўцаў. Людзі стараюцца адыйсці, схавацца ў гандлёвым цэнтры. Сілавікі выстраіліся ланцугом насупраць Галерэі.

Горадня. На Савецкай вуліцы сабраліся некалькі сотняў чалавек

Сьпявае артыст у лацінаамэрыканскім строі. Яму пляскаюць і танцуюць. Скандуюць «Жыве Беларусь». Міліцыянты папярэджваюць, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Ім крычаць «Ганьба».

У Гомлі пачаўся «Марш справядлівасьці»

На пункце збору людзей, ля ўнівэрмагу «Гомель», чакалі супрацоўнікі АМАП і міліцыі. Людзі пайшлі па Савецкай, супрацоўнікі АМАП перагарадзілі ім дарогу. Людзі перайшлі на другі бок, і там дарогу перагароджваюць амапаўцы.

Источник

1 комментарий к “«Маршы справядлівасьці» ў Беларусі. Што адбываецца на 43-і дзень пратэстаў”

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Пролистать наверх