У 2023 годзе Беларусь фактычна забараніла сваім грамадзянам падаўжаць дзеянне пашпартоў і атрымліваць новыя пашпарты за мяжою. Зрэшты, жыццё беларусаў за мяжой ад гэтага не спынілася: некаторыя краіны ўжо змаглі дапасавацца і дапамагчы грамадзянам Беларусі легалізавацца. І хоць праязны дакумент для замежніка і жэнеўскі пашпарт толькі пачалі набываць папулярнасць, жыхары Беларусі атрымліваюць іх ужо больш за стагоддзе: пашпарт уцекача быў, напрыклад, у Марка Шагала. «Белсат» узгадвае гісторыю гэтых дакументаў і распавядае, дзе беларусам рэальна атрымаць іх цяпер.
Перадгісторыя. Нансэнаўскі і жэнеўскі пашпарты
З заканчэннем Першай сусветнай вайны мноства людзей засталося ў чужых краінах без пашпартоў і нават без Радзімы: краіны, якія выдалі ім пашпарт, проста перасталі існаваць. Алею ў агонь падліла і РСФСР, ануляваўшы ў 1921 годзе грамадзянства расейцаў, якія ўцяклі за мяжу ад Грамадзянскай вайны. Паводле падлікаў, з Савецкай Расеі на той момант выехалі ад 800 тыс. да 2 млн чалавек.
У выніку колькасць уцекачоў расла, а дакументы, якія дазвалялі засведчыць асобу, былі знішчаныя або перасталі дзеяць. У выніку ўцекачы апынуліся ў краінах, дзе не мелі права на працу, і пры гэтым не маглі выехаць адтуль. Таму ў 1922 годзе ў Жэневе прайшла адмысловая міжурадавая канферэнцыя, якую арганізаваў Фрыт’ёф Нансэн – тагачасны вярхоўны камісар Лігі Нацыяў у справах уцекачоў, а да гэтага вядомы навуковец і даследнік Арктыкі.
Па выніках канферэнцыі з 1922 года так званыя нансэнаўскія пашпарты пачалі выдаваць асобам без грамадзянства ў паўсотні краінаў свету. Уладальнікамі такіх дакументаў былі, напрыклад, Марк Шагал і дачка першага прэзідэнта незалежнай Польшчы Ядвіга Пілсудская. Усяго нансэнаўскі пашпарт атрымалі каля 450 тыс. чалавек.
У 1922 годзе сам Нансэн, а праз 16 гадоў і Міжнароднае бюро ягонага імя ў справах уцекачоў атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру. Нансэнаўскі пашпарт перастаў выдавацца ў 1938 годзе: з таго часу нацыянальныя органы кожнай краіны выдаюць свае ўласныя праязныя дакументы для замежніка і пасведчанні асобы замежніка.
Але потым пачалася Другая сусветная вайна і колькасць уцекачоў зноў дасягнула крытычных лічбаў. У выніку ў 1951 годзе ў Жэневе была прынятая Канвенцыя аб статусе ўцекачоў, якая ў тым ліку зноў увяла дакумент, што сведчыць асобу ўцекача і дазваляе яму перамяшчацца паміж краінамі, якія падпісалі гэтую канвенцыю. Прататыпам быў нансэнаўскі пашпарт, але цяпер яго неафіцыйна назвалі жэнеўскім.
,,
З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне свет зноў сутыкнуўся з крызісам уцекачоў, і ў чэрвені 2023 года ААН нагадала краінам пра «праязныя дакументы для ўцекачоў – нансэнаўскія пашпарты XXI стагоддзя».
Якія правы даюць жэнеўскі пашпарт і праязны дакумент для замежніка?
Хоць дакументы вельмі падобныя паводле функцыяў, у іх ёсць адрозненні. Жэнеўскі пашпарт могуць выдаць толькі чалавеку са статусам уцекача, а праязны дакумент – любому замежніку, які не мае дзейнага пашпарта сваёй краіны і з аб’ектыўных прычынаў не можа яго атрымаць. Жэнеўскі пашпарт таксама служыць гарантыяй ад дэпартацыі на радзіму.
У любым выпадку, абодва дакументы – гэта далёка не пашпарт грамадзяніна, і правоў на іх падставе куды менш. Па сутнасці, абодва дакументы выступаюць як замежны пашпарт або праязны дакумент для падарожжаў. Напрыклад, у іх ставяць візы пры выездзе за межы ЕЗ (пры гэтым для падарожжаў па краінах Аб’яднанай Еўропы, як правіла, хапае карткі ВНЖ). А вось унутры краіны пражывання яны амаль нічога не даюць: хоць абодва дакументы сведчаць вашую асобу (напрыклад, у банку ці ў страхавой кампаніі), але легалізавацца ў краіне перабывання трэба будзе на якіх-небудзь падставах. Напрыклад, атрымаць ВНЖ у звязку з міжнароднай абаронай.
Дзе беларусам можна атрымаць праязны дакумент для замежніка?
Жэнеўскі пашпарт, як і іншыя нацыянальныя праязныя дакументы для замежнікаў, і сёння выдаюць 146 краінаў, што ратыфікавалі Канвенцыю 1951 года. Але на практыцы ў кожнай краіны свае правілы і асаблівасці выдачы гэтакіх дакументаў.
Напрыклад, шмат якія краіны выдаюць такія дакументы замежнікам, якія маюць сталы, а не часовы від на жыхарства. Ёсць і больш цяжкія выпадкі. Гэтак, Грузія не выдае праязных дакументаў беларусам, уважаючы, што ім на радзіме нічога не пагражае. А Калумбія не выдае наогул нікому.
Так што разгледзім, у якіх краінах ужо былі выпадкі выдачы праязных дакументаў беларусам без дзейнага пашпарта.
Польшча
Польшча традыцыйна апярэджвае ўсіх ва ўвядзенні розных легалізацыйных спрашчэнняў для беларусаў. Міжнародную абарону Польшча надае ў двух статусах: статус уцекача або дадатковая абарона. Беларусам, якія з’ехалі ў Польшчу пасля 2020 года, часцей за ўсё даюць дадатковую абарону, а разам з ёй і праязны дакумент для замежніка. Статус уцекача звычайна атрымліваюць тыя, супраць каго накіраваны асабісты палітычны пераслед. Такім людзям даюць блакітны жэнеўскі пашпарт.
У 2023 годзе, пасля выхаду ўказу Лукашэнкі, які забараніў беларусам за мяжой падаўжаць дзеянне пашпарта і атрымліваць новыя пашпарты, Польшча спрасціла парадак выдачы праязных дакументаў для нашых суайчыннікаў. З гэтага часу праязны дакумент можа атрымаць любы беларус без пашпарта, які мае часовы або сталы від на жыхарства ў Польшчы. Праязны дакумент у краіне беларусам выдаюць бясплатна, на яго маюць права нават немаўляты, якія ніколі не мелі пашпарта.
Літва
Другая паводле папулярнасці краіна для беларусаў у 2023 годзе таксама заявіла пра выдачу праязных дакументаў беларусам, якім амбасады за мяжой перасталі падаўжаць старыя і выдаваць новыя пашпарты. Праязныя дакументы могуць атрымаць беларусы з часовым або сталым відам на жыхарства ў Літве.
Але ў адрозненне, напрыклад, ад Польшчы, беларусам трэба давесці ўладам Літвы, што ім сапраўды небяспечна вяртацца на радзіму. І тут нямала нацыянальных нюансаў: Літва ўсё часцей адмаўляе беларусам у наданні віду на жыхарства, прызнаючы іх «пагрозай нацыянальнай бяспецы». Толькі ў 2023 годзе Дэпартамент міграцыі Літвы абвясціў «пагрозай бяспецы» краіны 1644 беларусаў.
Нямеччына
Калі грамадзяне Беларусі, якія законна жывуць у Нямеччыне, праз палітычны пераслед не могуць вярнуцца на радзіму для афармлення пашпарта, яны могуць прэтэндаваць як на «шэры праязны дакумент», так і на жэнеўскі блакітны пашпарт уцекача.
Як і ў Літве, беларусам давядзецца даказваць, што ім небяспечна ехаць у Беларусь па пашпарт.
Швецыя
12 лістапада ў Швецыі сталася вядома пра першы выпадак выдачы пашпарта замежніка грамадзяніну Беларусі. Пра гэта паведамілі «Народныя амбасады Беларусі».
У сакавіку 2024 года Міграцыйнае агенцтва Швецыі абвясціла, што беларусам, якія афіцыйна жывуць у краіне і маюць асцярогі наконт сваёй бяспекі на радзіме, не варта вяртацца ў Беларусь для падаўжэння дакументаў. Замест гэтага Швецыя гатовая выдаваць праязныя дакументы для замежніка тым, хто мае від на жыхарства ў краіне.
Аўстрыя
13 лістапада сталася вядома, што Аўстрыя таксама выдала беларусам як мінімум два пашпарты замежніка.
«Раней гэтая практыка не распаўсюджвалася на беларусаў і беларусак, – паведамілі «Народныя амбасады». – [Цяпер] у кожным індывідуальным выпадку неабходна даказваць небяспеку паездкі ў Беларусь для прадаўжэння нацыянальнага пашпарта, а працэдура падачы на пашпарт іншаземца не прадугледжвае глыбокай праверкі».
Таксама паведамляецца, што ў Аўстрыі можна атрымаць адмову ў першай інстанцыі, але пасля варта звярнуцца па кансультатыўную дапамогу ў «Народныя амбасады» і зямельны суд.
Данія і ЗША
Гэтыя краіны пакуль толькі заявілі пра гатовасць выдаваць праязныя дакументы беларусам. Гэтак, 19 верасня сёлета на сайце Сенату ЗША з’явіўся законапраект, згодна з якім грамадзянам Беларусі можна будзе ставіць амерыканскія візы ў пратэрмінаваны пашпарт, а для жыцця і працы ў ЗША – выдаваць статус часовай абароны. Дакумент змяшчае заклік да Еўракамісіі выдаваць беларусам праязныя дакументы. Але гэта пакуль толькі праект закону.
У канцы кастрычніка паабяцала змяніць умовы для беларусаў і Данія. Краіна збіраецца ўнесці ў Пастанову аб замежніках змены, якія дазволяць выдаваць праязныя дакументы грамадзянам Беларусі з пратэрмінаванымі пашпартамі. Пра гэта пасля сустрэчы са Святланай Ціханоўскай заявіў у інтэрв’ю выданню «Berlingske» міністр замежных справаў Даніі Лярс Лёке Расмусэн.
«Вядома, было б жахліва, калі б мы сказалі некаторым беларусам, якія жывуць у Даніі, што нам вельмі шкада, але вам давядзецца паехаць у Менск для падаўжэння пашпартоў, хоць мы ведаем, што гэта просты шлях у турму», – заявіў Расмусэн, удакладніўшы, што на падставе сталага або часовага віду на жыхарства ў Даніі жывуць 640 беларусаў.
Тэса Анэйда / ЮК belsat.eu