75 гадоў таму ў савецкім канцлагеры быў закатаваны беларускі ідэолаг хрысціянскага руху, грамадска-палітычны дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец, каталіцкі святар Адам Станкевіч.
Адам Станкевіч – адна з самых вялікіх постацяў беларускай гісторыі дваццатага стагоддзя. Усім сваім жыццём ён сцвярджаў духовы подзвіг, аддана служыў Богу і беларускай ідэі. Скончыў вучэльню ў Ашмянах, духоўную семінарыю ў Вільні, рымска-каталіцкую акадэмію ў Петраградзе. Супрацаваў з беларускімі газетамі “Светач”, “Дзянніца”, “Гоман”. Быў адным з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці. Адзін з ініцыятараў правядзення з’езду беларускага каталіцкага духавенства ў Менску ў 1917 годзе.
Адам Станкевіч сярод вучняў Віленскай беларускай гімназіі. 1930-я гг.
Адам Станкевіч адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове. Працаваў і праводзіў набажэнствы ў Дзісенскім, Браслаўскім паветах, пасля ў Драгічыне. У апошнім месцы пераследаваўся за беларускасць каталіцкімі ўладамі. З 1919 года – кандыдат кананічнага права. Адам Станкевіч выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. Быў рэдактарам-выдаўцом легендарнай беларускай газеты “Крыніца”. Уваходзіў у камітэт беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1922-1928 гадах – пасол польскага сейму, намеснік старшыні Беларускага пасольскага клубу. Бараніў беларускія інтарэсы. За дабрачынную дзейнасць яго называлі “вялікім філантропам”. Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, узначальваў ТБШ, быў кіраўніком Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. У 1928-1939 гадах Адам Станкевіч рэдагаваў і выдаваў часопіс “Хрысьціянская думка”. Адзін з заснавальнікаў беларускай друкарні імя Скарыны, у якой было выдадзена каля 150 розных беларускіх рэлігійных і свецкіх кніг.
Адам Станкевіч выступаў за эвалюцыйны шлях развіцця грамадства, легальныя формы працы, адмоўна паставіўся да сацыялістычнай рэвалюцыі. Асуджаў пераслед беларускага насельніцтва з боку тагачасных польскіх уладаў. Служыў у касцёле Святога Мікалая ў Вільні, потым быў высланы ў Слонім. Восенню 1939 года зноў вярнуўся ў Вільню. Пасля перадачы Вільні Літве арганізаваў Беларускі цэнтр, аднавіў выданне газеты “Крыніца”.
У гады фашысцкай акупацыі служыў у касцёле Святога Міхала, ратаваў экспанаты Віленскага беларускага музея. У 1944 годзе, калі зноў прыйшла савецкая ўлада, быў арыштаваны НКВД, але неўзабаве выпушчаны. У 1949 годзе Адама Станкевіча арыштоўваюць паўторна і абвінавачваюць у антысавецкай дзейнасці. Станкевіча засудзілі да 25 гадоў пазбаўлення волі. Спярша сядзеў у Лукішскай турме, потым быў вывезены ў савецкі канцлагер. У Азярлагу пад Тайшэтам паводле адной з версій памёр, але праўдападобна, быў забіты. У афіцыйнай паперы пра смерць Станкевіча цынічна напісана, што ён “умер от ожирения сердца”.
Пасля гэтага вялікага чалавека засталася каштоўная навуковая, літаратурная і тэалагічная спадчына. У 2008 годзе годзе з друку выйшаў грунтоўны збор твораў Адама Станкевіча пад назвай “З Богам да Беларусі”.
Адам Станкевіч, перад тым як пакінуць пад канвоем сваю кватэру, папрасіў афіцэра МГБ, які прыйшоў яго арыштоўваць, праслухаць пласцінку з песняй Міхася Забэйды-Суміцкага. Атрымаўшы дазвол, ён паставіў пласцінку і, слухаючы песню, расплакаўся, бо адчуваў, што дамоў ён ужо ніколі не вернецца. Пасля арышту з кватэры Адама Станкевіча забралі толькі адзін залаты царскі імперыял (манету вартасцю ў 15 рублёў) і залаты пярсцёнак з датай 1908 года, якія належалі ксяндзу.
Шыльда ў Вільні
Пахаваны на могілках Азярлага каля в. Шаўчэнкі пад Тайшэтам. Памяць пра Адама Станкевіча ў Беларусі не ўшанавана. Летам 2011 года ў Вільні на будынку былой беларускай гімназіі ў Базыльянскіх мурах у яго гонар адкрыта шыльда. Пачаткова мемарыяльны знак планавалася ўсталяваць на віленскім касцёле Святога Мікалая, аднак дазволу на гэта атрымаць не ўдалося.
Помнік у Арлянятах