У Горадні знік музей Быкава… ТОП-5 прычын таго, чаму гэта не трагедыя


Апошнімі днямі стужка навінаў поўная мэсіджаў, маўляў, у Горадні знішчаюць музей Быкава, ніхто не дае на яго грошай, усё прапала і г.д. Ці так гэта насамрэч? Давайце разбірацца.

Тое, што з гонарам называлася музеем Быкава, насамрэч было калекцыяй рэчаў, сабраных у невялічкім памяшканні ў офісным будынку на вуліцы Савецкай, пiша budzma.by. Памяшканне належала ветэранскай арганізацыі, а прадметы некалі сабраў пад адным дахам франтавік Мікалай Мельнікаў, які памёр у 2012 годзе.

З таго часу ў музей і трапіць было надзвычай складана – дзверы з раздрукаваным на каляровым прынтары партрэтам класіка, як правіла, былі зачыненыя. Цяпер жа ўся калекцыя перайшла ва ўласнасць дзяржавы, а дакладней у фонды музея Багдановіча, які ёсць філіялам Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Ці трагедыя гэта? На маю думку, не. І вось чаму.

Музей Максіма Багдановіча ў Горадні

I. Рашэнне самой ветэранскай арганізацыі

Па-першае, рашэнне аб перадачы прынялі самі чальцы ветэранскай арганізацыі, то бок гэта не рэйдарскі захоп, не ліквідацыя, не тлусты чыноўнік ці КДБшнік, які прыйшоў і апячатаў памяшканне. Відаць, сябры арганізацыі нарэшце прагматычна ацанілі сітуацыю: грошай на ўтрыманне няма, узрост ва ўсіх захавальнікаў далёка не малады, планы і перспектывы на развіццё адсутнічаюць.

II. Публічнасць

Як было сказана вышэй, у музей Быкава на Савецкай апошнім часам трапіць было нерэальна. То бок на шыльдзе былі ўказаныя дні (панядзелак і серада), калі варта прыходзіць, але гэта была латарэя… трапіш, не трапіш. Зразумела, музей не меў старонкі ў сеціве, і віртуальна пазнаёміцца з экспазіцыяй, седзячы ў Варшаве ці Маскве, ты не мог. Дзяржаўны ж музей такую магчымасць дае, і некаторыя з новаперададзеных артэфактаў Быкава у нэце ўжо выстаўленыя! Зручна і па-сучаснаму.

Музей Васіля Быкава знаходзіўся ў самым цэнтры горада, але пра гэта… ніхто не ведаў

III. Калекцыю не раскрадуць і не выкінуць

На жаль, гісторыі школьных і маленькіх прыватных музеяў у Беларусі, як правіла, сумныя. Яны знікаюць, экспанаты разыходзяцца па руках ці трапляюць на сметніцу… Лёс такога музея, як правіла, звязаны з лёсам яго стваральніка і захавальніка: калі той памірае – музею канец. Сумна, але факт.

Так было з музеем акадэміка Карскага у в. Лаша, дзе зачынілася школа, якая была для яго базай (добра, частка экспанатаў трапіла ў гімназію №1 у Горадні). Так было з бібліятэкай імя Янкі Купалы ў в. Вялікая Кракотка на Слонімшчыне, якая працавала ад часоў ТБШ (1920-я) і знікла недзе каля 2010 года. Безліч аўтографаў, рэліквій, у тым ліку фотаальбом Валянціна Таўлая, проста зніклі. Не кажам ужо пра рэчы з прыватных архіваў Лойкі, Буйло, Азгура і інш., якімі цяпер гандлююць калекцыянеры…

Ветэранская арганізацыя – гэта грамадская структура. Дзяржаўны музей – структура дзяржаўная. Там ёсць улік, фонды і адказнасць за знікненне кожнай драбніцы. Таму тут шанцы захавацца ў артэфактаў у разы большыя.

Экспазіцыя ўжо былога Музея Быкава

IV. Фінансавы аргумент

Сярод іншых аргументаў “фэйсбучных плакальшчыкаў” прагучала і нота наконт фінансаў. Маўляў, як так – ніхто на арэнду памяшкання не гатовы даваць грошы, спонсараў няма, усе кепскія. Па-першае, дзе былі тыя “плакальшчыкі”, калі музей меў праблемы? Зразумела, у фэйсбуку. Па-другое, фінансаванне такога маштабнага праекта, як музей, мае быць сталым, а не аднаразовым. Скінуцца па 100 даляраў – гэта не справа.

Патрэбная праца менеджара, які будзе сур’ёзна займацца праектам, справаздачыцца, прыцягваць інвестыцыі. Такога чалавека не знайшлося ў самой ветэранскай арганізацыі, таму рашэнне перадаць артэфакты ў іншае месца – цалкам лагічнае. Дзяржаўныя музеі маюць хоць невялікія, але стабільныя грошы, каб захоўваць і экспанаваць свае калекцыі.

Экспазіцыя ўжо былога Музея Быкава

V. Пакой ці музей Быкава?

Яшчэ пры жыцці Мельнікава ветэранская арганізацыя неаднойчы звярталася да гарадскіх уладаў наконт стварэння паўнавартаснага музею класіка. Зразумела, калі ў Горадні нават вуліцу на ўскрайку не назвалі ў гонар Быкава, якая размова пра музей?.. Іншая справа – стварэнне пакоя альбо працоўнага кабінета Быкава. І гэта цалкам рэальна.

У музеі Багдановіча і раней былі быкаўскія асабістыя рэчы, якія экспанаваліся ў раздзеле “Гарадзеншчына літаратурная”. З ветэранскага музея пасля перадачы да іх дададуцца друкарка, асадка, кашуля ды іншыя артэфакты. Дык чаму не зрабіць у дамку Багдановіча, скажам, на другім паверсе, кабінет Быкава? На першым – дзіцячы пакой Максіма Багдановіча, на другім – кабінеты Быкава, Карпюка, Геніюш, чым кепска? Галоўнае – цалкам рэальна.

0

0

Сообщение У Горадні знік музей Быкава… ТОП-5 прычын таго, чаму гэта не трагедыя появились сначала на NewGrodno.By.

Апошнімі днямі стужка навінаў поўная мэсіджаў, маўляў, у Горадні знішчаюць музей Быкава, ніхто не дае на яго грошай, усё прапала і г.д. Ці так гэта насамрэч? Давайце разбірацца. Тое, што з гонарам называлася музеем Быкава, насамрэч было калекцыяй рэчаў, сабраных у невялічкім памяшканні ў офісным будынку на вуліцы Савецкай, пiша budzma.by. Памяшканне належала ветэранскай арганізацыі, …

Сообщение У Горадні знік музей Быкава… ТОП-5 прычын таго, чаму гэта не трагедыя появились сначала на NewGrodno.By.

Оставьте комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *